Унікальная выстаўка-конкурс дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Велікодны падарунак” адкрыта!

20 сакавіка 2020 года ў выставачнай зале Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці адкрылася абласная выстаўка-конкурс дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Велікодны падарунак”.

У выстаўцы-конкурсе прымаюць удзел каля 80 майстроў народнай творчасці з усіх рэгіёнаў Гродзенскай вобласці, сярод якіх – носьбіты элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, уключаных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Усяго экспазіцыя налічвае больш за 300 выкананых у розных тэхніках экспанатаў: салома- і лозапляценне, вышыўка, выцінанка, батык, кераміка, карункапляценне, лапікавае шыццё, ткацтва, пісанка, роспіс па дрэве і інш.

Выстаўка-конкурс “Велікодны падарунак” – гэта яскравае пацвярджэнне таго, што дэкаратыўна-прыкладное мастацтва з’яўляецца паўнавартасным складнікам традыцыйнай культуры Гродзеншчыны, захоўвае архаічныя ўяўленні народа пра Сусвет, навакольнае асяроддзе і яго ўпарадкаванне, вылучаецца яркай самабытнасцю і непаўторнасцю.