У Лідзе праходзіць выстаўка мініяцюрных кніг з праватнай калекцыі Яўгена Ксяневіча

У год свайго першага юбілею – 10-годдзя – літаратурны аддзел Лідскага гістарычна-мастацкага музея (дом паэта Валянціна Таўлая) запланаваў шэраг цікавых сустрэч у сваіх сценах. Днямі адбылася першая такая сустрэча – з госцем з Мінска, калекцыянерам кніг, кампазітарам-песеннікам, куратарам музычных і мастацкіх праектаў Яўгенам Ксяневічам.

У рамках сустрэчы ў доме Таўлая адбыліся адкрыццё выстаўкі мініяцюрных (кішэнных) кніг з прыватнай калекцыі Яўгена Антонавіча “Кніга на далоні” і прэзентацыя яго зборніка песень на словы вядомых беларускіх паэтаў “Краіна мая, песня мая…”. На мерапрыемства былі запрошаны навучэнцы Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа. Сімвалічна, што адкрыццё выстаўкі  мініяцюрных кніг у Лідзе праходзіла на другі дзень пасля адкрыцця XXVII міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу ў Мінску, ва ўнісон гэтай падзеі. IMG_7628.JPGIMG_7619.JPG Выставы мініяцюрнай кнігі Яўген Антонавіч праводзіць апошнія гадоў дзесяць. Ладзяцца яны галоўным чынам у Мінску. Сваю багатую калекцыю ён раздзяліў на некалькі, і зараз яны падарожнічаюць па Беларусі. У Лідзе выстаўка мініяцюрных кніг з калекцыі Яўгена Ксяневіча ладзіцца ўпершыню. У памяшканні дома Таўлая прадстаўлена больш за 180 кніг з гэтай калекцыі на розныя тэмы. “Дадзенай выстаўкай я імкнуся абудзіць перш за ўсё ў моладзі цікавасць і любоў да друкаванай кнігі ў век засілля інтэрнэту, – гаворыць калекцыянер. – Чалавек збірае кнігі, а кнігі, у сваю чаргу, “збіраюць” чалавека. Выстаўка, якая будзе праходзіць у вашым горадзе да канца сакавіка, заклікае хаця б на некаторы час закрыць планшэты і смартфоны і адкрыць кнігу”. IMG_7643.JPG