Міжнародныя Ажэшкаўскія чытанні

Штогадова Міжнародныя Ажэшкаўскія чытанні праводзяцца ў рамках свята прысвечанага памяці Э.Ажэшкі.

Сёлета ў Міжнародных Ажэшкаўскіх чытаннях прымалі ўдзел навукоўцы, краязнаўцы, супрацоўнікі бібліятэчных устаноў, музеяў, архіваў, выдавецкіх арганізацый Беларусі, Польшчы, Расіі, Літвы. Яны былі прысвечаны папулярызацыі гістарычнай спадчыны Гродзеншчыны, даследаванню творчасці сусветна вядомай пісьменніцы Э.Ажэшкі, адраджэнню яе традыцый. З прывітальнымі словамі да прысутных звярнуліся А.В.Клімовіч, начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама і Л.В.Мальцава, дырэктар абласной бібліятэкі. Падчас чытанняў агучаны псіхафізіялагічныя аспекты стасункаў Элізы Ажэшка з першым мужам і “апошнім каханнем”; на прыкладзе рамана “Меір Эзафовіч” прыведзены суадносіны мастацкага тэкста і зрокавага вобраза, зроблены аналіз і акрэслены праблемы яго перакладу на рускую мову і г.д. Здзейсніць падарожжа ў часе і перанесціся ў эпоху XIX стагоддзя дазволіў Летні баль у Элізы Ажэшкі, які ўжо 3-ці раз праходзіў у Швейцарскай даліне.

Гродзенцаў і гасцей горада арганізатары запрашалі на старадаўнія танцы – паланэз, вальс, кадрыля, полька і інш. Таксама чароўнай атмасферай таго часу з’яўляліся бальныя забавы, літаратурная гасцёўня, музычны і гульнявы салоны, тэатралізаваныя прадстаўленні.

Усе жадаючыя з вялікім задавальннем удзельнічалі ў гульнях, конкурсах, віктарынах.

Акрамя гэтага, жыхары Рэспублікі Беларусь і замежныя госці змаглі наведаць мемарыяльны пакой, які адлюстроўвае жыццё і творчасць знакамітай гродзенкі і яшчэ бліжэй пазнаёміцца з яе творчай спадчынай.